ЛІ СУНСІ́Н (5.5.1545, Сеул — 19.11. 1598),
карэйскі флатаводзец, герой Імдзінскай вайны 1592—98. З 1591 камандуючы флотам левай паўправінцыі Чаладо. Рыхтуючыся да адбіцця агрэсіі з боку Японіі, увёў у склад флоту ўдасканаленыя караблі з высокімі баявымі якасцямі. У ходзе вайны ў чэрв.—ліст. 1592 на чале флоту ў 4 бітвах разграміў флот праціўніка і сарваў планы яп. камандавання па камбінаваным наступленні сухапутных і марскіх сіл. У выніку прыдворных інтрыг Л.С. быў адхілены ад камандавання флотам; але ў 1597 у час новага нашэсця японцаў адноўлены на пасадзе. У вер. 1597 кар. флот зноў перамог праціўніка. У кастр. 1598 аб’яднаны кар.-кіт. флот на чале з Л.С. патапіў і па шкодзіў каля паўд. ўзбярэжжа Карэі каля 200 яп. караблёў. Л.С. загінуў у гэтай бітве.
Літ.:
История Кореи. Т. 1. М., 1974;
Хван И.И. Ли Сун Син // Краткие сообщения Ин-та востоковедения. 1951. Вып. 1.
М.Г.Нікіцін.
т. 9, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)